Зіма
Вось і прыйшлі жаданыя
Зімовыя дзянькі.
Дык даставай схаваныя
І саначкі каваныя,
І лыжы, і канькі!
Яны ўжо застаяліся -
Дай волю ім хутчэй!
Вітай, раздолле белае!
Хай кроў у жылах бегае
Шпарчэй і гарачэй!
Ніл Гілевіч
Зіма
Снег белы. Ён на сонцы аж гарыць.
І чысты-чысты. А па светлым - груба
Ідзе натоўп. Куляюцца з гары
Падлеткі. І ляцяць адчайна ў гурбы.
Вясёлым смехам поўніцца іх лёт.
Як зорачкі, сняжынкі пад нагамі...
Люстэркам залатым іскрыцца лёд,
І вершы я па ім пішу канькамі.
Васіль Дэбіш
Першы снег
Я раніцой расплюшчыў вочы,
Спыніўшы сноў імклівы бег.
Святло чароўнай белай ночы
Разліў па хаце першы снег.
Падскочыў з ложка да фіранкі,
Багацця белага - да стрэх.
І гурбы пульхныя на ганку,
З'явіўся сябар лепшы - снег!
Цяпер штодня я з ім гуляю.
І нават ноччу часта ў сне
Будую крэпасці, знішчаю,
А ён цярплівы гэткі, снег!
Міне зіма. Вясна настане
І снег змяце з падворка прэч.
Ды не навечна ён растане -
Яшчэ з ім будзе шмат сустрэч!
Павел Саковіч
Кружацца сняжынкі
Хто там шустры скача?
Ціха снег рыпіць -
Гэта зайка з дачы
Праз лясок бяжыць.
Кружацца сняжынкі,
Нібы ў дзіўным сне.
Зайка для Дарынкі
Торбачку нясе.
А ёй - пажаданні
Добраю расці,
Быць заўжды стараннай,
Шчырай у жыцці.
Хоча ён з Дарынкай
Сам на Новы год
Хоць бы на хвілінку
Стаць у карагод.
Міхась Пазнякоў
Дзед Мароз
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.
Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.
Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!
Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.
Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.
Якуб Колас
Колькі шуму, колькі смеху:
Дзеда лепім мы са снегу!
Задала зіма работы —
Па двары кацілі ўтрох
I паставілі ля плоту.
Дзед стаіць, хоць і без ног.
Замест рук уткнулі папкі,
Вочы — вугалю кавалкі,
Нос — чарэпак з гладыша,
Барада — шматок кудзелі,
А на лысіну надзелі
Кош замест капелюша.
Ну і дзед! Відаць, яму
Тут стаяць усю зіму.
Будзе ён тут па начах
Наганяць на зайцаў страх,
Каб не бегалі сюды
Сад псаваць наш малады!
Зімой (Максім Багдановіч)
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.